Беларуская Служба

Інспектары МАГАТЭ правераць ядзерныя матэрыялы на БелАЭС

29.01.2026 09:14
Інспектары правядуць фізічную інвентарызацыю ядзернага матэрыялу, правераць тэхнічнае абслугоўванне сістэм захавання і назірання.
БелАЭС у Астраўцы wikipedia/By Homoatrox - Own work, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=63367485

29–30 студзеня эксперты Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) правядуць планавую інспекцыю на Беларускай АЭС, паведамляе Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы (Дзяржатамнагляд) Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле інфармацыі ядзернага рэгулятара, інспектары правядуць фізічную інвентарызацыю ядзернага матэрыялу, правераць тэхнічнае абслугоўванне сістэм захавання і назірання МАГАТЭ, а таксама тое, як беларускі бок вядзе справаздачную дакументацыю.

Адзначаецца, што інспекцыя праводзіцца ў рамках пагаднення паміж Беларуссю і МАГАТЭ аб прымяненні гарантый у сувязі з Дагаворам аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, якое было заключана 14 красавіка 1995 года.

Гарантыі МАГАТЭ зʼяўляюцца неадʼемным складальнікам міжнароднай сістэмы бяспекі і ўяўляюць сабой комплекс тэхнічных мер, – заявіў Дзяржатам.

У першым квартале 2026 года эксперты МАГАТЭ таксама маюць намер ацаніць бяспеку эксплуатацыі БелАЭС (місія OSART).

Крыніца: «Позірк»/юл